Першы Грамадскі форум Літвы і Беларусі «Што нас аб’ядноўвае?» (26–27 кастрычніка 2018 года, Клайпеда)
Літва і Беларусь – гэта не толькі краіны-суседзі. Народы гэтых дзяржаў, акрамя гісторыі, якая сягае сваімі каранямі ў старажытныя часы, аб’ядноўваюць шырокамаштабныя эканамічныя і культурныя сувязі. Літоўцы жывуць у Беларусі, і беларусы пражываюць у Літве. Асаблівую сувязь паміж краінамі пацвярджаюць супольныя народныя сімвалы, такія як гістарычная сталіца Вялікага Княства Літоўскага – Вільня. Жыхарам гэтых краін дарагія агульныя гістарычныя асобы: вялікі князь Вітаўт (Вітаўтас), князі Радзівілы, Касцюшка, Каліноўскі і многія іншыя. Многае паказвае, што грамадскія і міждзяржаўныя адносіны мусяць быць выдатнымі, але гэта не так.
Існуюць рознагалоссі з нагоды будаўніцтва беларускай АЭС у Астраўцы. Шмат хто ў Літве занепакоеныя пытаннем: ці ўдасца Беларусі захаваць сваю дзяржаву? Большасць літоўцаў крытычна ставяцца да палітычнага ладу Беларусі. У Беларусі, у сваю чаргу, многія насцярожана ўспрымаюць еўраатлантычную інтэграцыю Літвы, яе актыўную знешнепалітычную пазіцыю ў рэгіёне. Гэтыя вельмі складаныя пытанні ўплываюць на адносіны паміж краінамі, і наўрад ці палітыкам з абодвух бакоў удасца канчаткова дамовіцца.
На жаль, існуючыя праблемы сталі дамінаваць у двухбаковых стасунках. Акрамя іншага, шмат недамоўленасцяў узнікае па гістарычных тэмах, якія, на першы погляд, павінны аб’ядноўваць нацыі. Усё гэта не толькі ўскладняе палітычныя адносіны, але і перашкаджае развіццю сувязяў паміж інтэлектуаламі, дзеячамі культуры, бізнэсу і навукі.
Так не павінна быць. Не забываючы існуючых праблем, мы павінны імкнуцца шукаць пункты судакранання па агульных для нас пытаннях і праблемах. Пачатак дыялогу і наладжванне супрацоўніцтва на будучыню з’яўляецца галоўнай мэтай першага Грамадскага літоўска-беларускага форуму.
Місія форуму – пашырэнне нефармальнага, грамадзянскага дыялогу паміж Беларуссю і Літвой з мэтай абмеркавання перспектыў і праблем міждзяржаўнага супрацоўніцтва, паглыбленне ўзаемаразумення і павагі паміж краінамі ды народамі Літвы і Беларусі.
Арганізатарамі форуму выступаюць муніцыпалітэт горада Клайпеда, Клайпедскі ўніверсітэт, а таксама шэраг грамадскіх арганізацый і ініцыятыў: Форум дыялогу і супрацоўніцтва імя Ежы Гедройца, Інстытут Вялікага Княства Літоўскага, Інстытут “Палітычная сфера“.
Узнагарода Ю. Бардаха для даследчыкаў гісторыі і спадчыны Вялікага Княства Літоўскага
21 чэрвеня 2018 года ў Літоўскай нацыянальнай бібліятэцы імя Марціна Мажвідаса адбылося ўрачыстае наданне прэміі імя Юліуша Бардаха. Першую ўзнагароду атрымаў Лаўрынас Шядвідіс з Універсітэта Вітаўта Вялікага за абароненую ў 2016 годзе доктарскую працу “Падрыхтоўка кіруючых эліт Вялікага Княства Літоўскага да публічнага дзяржаўнага жыцця з пачатку XVI да сярэдзіны XVII стагоддзяў (навуковы кіраўнік прафесар Я. Кяўпене). Другое месца заняла абароненая ў 2017 годзе доктарская праца Вольгі Клецкінай з Беларускага дзяржаўнага універсітэту “Узнікненне і развіццё тэатру Радзівілаў у 1724-1810 гадах” (навуковы кіраўнік прафесар Н. Высоцкая). На трэцім месцы змясцілася абароненая ў 2017 годзе ў Ягелонскім універсітэце доктарская праца Войцэха Лыска “Праблема нацыянальнасці ва ўсходняй палітыцы прыхільнікаў пілсуцкага: фармаванне – эвалюцыя – спадкаемцы” (кіраўнік прафесар Г. Мазур).
Урачыстасць пачалася з выступу госця, прафесара Вітаўтаса Ландсбергеса, які падзяліўся сваімі ўспамінамі пра патрона ўзнагароды, яго ідэі і спадчыну. Ва ўрачыстасці прынялі ўдзел заснавальнікі Інстытута ВКЛ, а таксама члены навуковай рады: прафесар Універсітэта Вітаўта Вялікага Эгідыюс Александравічус, дырэктар Цэнтру Усходняй Еўропы Варшаўскага універсітэта Ян Маліцкі, прафесары Вармянска-Мазурскага універсітэта Дарыюш Шпопер і Пшэмыслаў Дамброўскі, прафесар Аляксандр Смалянчук з Гродна, рэктар Прыкарпацкага універсітэта імя В. Стэфаніка ў Івана-Франкоўске Ігар Цэпенда, дырэктар Інстытута гісторыі Літвы Рымантас Мікніс.
Ю. Бардах (1914-2010) быў выбітным даследчыкам Вялікага Княства Літоўскага, які глыбока вывучаў яго прававую, культурную і палітычную традыцыю. Узнагарода надаецца за найлепшыя доктарскія працы, якія аналізуюць праблемы культуры, права і дзяржаўнасці ВКЛ, яго спадчыну ці датычыцца гісторыі, палітыкі, права і культуры прынамсі двух дзяржаў зямель былога ВКЛ – Беларусі, Літвы, Польшчы ці Украіны.
Узнагарода імя Ю. Бардаха была заснавана Інстытутам ВКЛ і надаецца кожныя два гады. У 2014 годзе галоўную ўзнагароду атрымала праца Мікалая Таркоўскага з Гданьску “Адвакатура Вільні ў 1918-1939 гадах”. У 2016 годзе галоўная ўзнагарода была нададзена Сяргею Марозаву за працу “Ідэя адраджэння Вялікага Княства Літоўскага ў сацыяльна-палітычным жыцці Беларусі (канец XVIII ст. да пачатку XX стагоддзя).
Міжнародная навуковая канферэнцыя прысвечаная падзеям 1918 года ў Цэнтральна-Усходняй Еўропе.
20-21 чэрвеня 2018 года ў Літоўскай нацыянальнай бібліятэцы імя Мажвідаса (Вільня, пр. Гедыміна 51) адбылася міжнародная канферэнцыя “1918 год ў Літве і Польшчы з перспектывы сучаснай Цэнтральна-Усходняй Еўропы: гісторыя, палітыка і культура”, прысвечаная стагоддзю адраджэння дзяржаўнасці Літвы і Польшчы.
Канферэнцыя ставіла задачу абмеркаванне шляхоў атрымання незалежнасці Літвой і Польшчай, а таксама іншымі краінамі Цэнтральна-Усходняй Еўропы, прэзентацыю найшоўшых даследаванняў развіцця польскага і літоўскага нацыянальнага адраджэння пачатку ХХ стагоддзя і поглядаў на палітычную традыцыю Літвы і Польшчы. Акрамя гістарычных тэм, выступоўцы таксама прынялі ўдзел у абмеркаванні праблем сучаснага свету: парадыгмы актуальнай знешняй палітыкі Літвы і Польшчы, месца гэтых краін у Еўропе і свеце.
Удзел у канферэнцыі прынялі гісторыкі, палітолагі, сацыёлагі, культуролагі, філолагі і прадстаўнікі іншых дысцыплін, якія падзяліліся вынікамі сваіх даследаванняў па гісторыі, палітыкі ды культуры Літвы, Польшчы і іншых краін у кантэксце стагоддзя дзяржаўнасці. З дакладамі выступілі навукоўцы з Польшчы, Літвы, Украіны, Чэхіі, ЗША і іншых краін.
Канферэнцыю арганізаваў Варшаўскі універсітэт у супрацоўніцтве з Універсітэтам Вітаўта Вялікага, Універсітэтам Міхала Ромера, амбасадай Польшчы ў Вільне, Інстытутам Вялікага Княства Літоўскага, а таксама Літоўскай нацыянальнай бібліятэкай імя Марціна Мажвідаса.
VІI-я Мінская канферэнцыя Інстытута “Палітычная сфера”: Нацыянальны суверэнітэт (1918-2018): ідэя і палітычная практыка. Дата правядзення: 18-19 траўня 2018 года, Мінск
1918 год змяніў увесь рэгіён Усходняй Еўропы. Руйнаваліся імперыі і паўставалі новыя дзяржавы, перакройваліся межы і кансалідаваліся нацыі. Ідэя суверэнітэту і незалежнасці набывала палітычнае ўвасабленне. Для адных нацый больш паспяховае (Літва, Латвія, Польшча), для іншых – менш (Беларуская Народная Рэспубліка, Украінская Народная Рэспубліка). Дыскусіі пра суверэнітэт на гэтым, аднак не спыніліся, яны заставаліся важнымі ўсё ХХ стагоддзе, былі ўзнятыя на новы ўзровень з распадам сацыялістычнага блоку і СССР (1990-1991) і зноў набылі актуальнасць пасля пашырэння ЕС у 2004 годзе. Ва ўмовах новых выклікаў бяспецы і міру ва Усходняй Еўропе з пачаткам у 2014 годзе украінска-расійскага канфлікту, абвастрэннем стасункаў Расіі з ЕС і ЗША, праблемы суверэнітэту, яго межаў і трываласці, зноў патрапляюць у цэнтр увагі.
Першы дзень канферэнцыі. 18 траўня
Месца правядзення: Пасольства Літоўскай Рэспублікі ў Беларусі (вул. Захарава, 68).
9.00-10.00. Рэгістрацыя
10.00-10.15. Адкрыццё канферэнцыі. Прамовы арганізатараў.
10.15-12.00. Пленарнае паседжанне.
Павэл Коваль (Польшча). 1991 год для Польшчы, Украіны, Літвы і Беларусі: паміж амбіцыямі і магчымасцямі дзеяння
Алгімантас Каспаравічус (Літва). Імперская спадчына: праблемы літоўскай палітычнай думкі і рэалізацыі нацыянальнага суверэнітэта (1914-22)
Дарыюш Тарасюк (Польшча). Стаўленне беларускіх палякаў да ідэі незалежнасці Польшчы (1905-1918)
12.00-12.20 Кава-паўза
12.20-14.00. Панэль І. Перабудова, распад СССР і паўставанне новых дзяржаў, 1988-1991
Валер Карбалевіч (Беларусь). Чаму распаўся СССР?
Андрэй Казакевіч (Беларусь). “За” і “супраць” Саюзу. Параўнанне дзейнасці прасавецкіх і незалежніцкіх арганізацый у заходніх рэспубліках СССР, 1988-1991
Алег Дзярновіч (Беларусь). “Гістарычны рэсурс” у часы Перабудовы ў Беларусі (1988—1991 гады)
14.00-15.00 Абед
15.00-16.15. Панэль ІІ. Паўставанне нацыянальных дзяржаў у Цэнтральна-Усходняй Еўропе ў міжваенны час
Павел Церашковіч (Беларусь). Сацыяльныя рэсурсы нацыянальных рухаў ва Ўсходняй Еўропе і пабудова нацыянальных дзяржаў
Яцэк Стасёрчык (Польшча). Дэнацыяналізацыя ці ахова ідэнтычнасці? Становішча польскамоўнай асветы ў Літоўскай рэспубліцы ў 1918-40 гадах
Варвара Кухарэнка (Беларусь). Стварэнне Дзяржавы славенцаў, харватаў і сербаў: рэалізацыя прэчанскіх спадзяванняў ці прасербскі праект
16.15-17.30. Панэль ІІІ. Праблемы суверэнітэту
Патрык Тамашэўскі (Польшча). Незалежная Беларусь, Малдова і Грузія ў польскай палітычнай думцы пасля 2004 года: параўнаўчы падыход
Ігар Случак (Беларусь). Моўная палітыка на акупаванай тэрыторыі Беларусі ў 1941-44 гг.
Аляксей Крывалап (Беларусь). Нацыянальны суверэнітэт у медыйным вымярэнні
18.30 – 20.30. Публічная дыскусія “БНР і БССР”
Другі дзень канферэнцыі. 19 траўня.
Месца правядзення: Пасольства Літоўскай Рэспублікі ў Беларусі (вул. Захарава, 68).
10.00-11.30 Панэль IV. БНР: культурная памяць і рэпрэзентацыя (1)
Наталля Гардзіенка (Беларусь). Мемарыялізацыя БНР як частка канструявання (захавання) нацыянальнай ідэнтычнасці беларускай паваеннай эміграцыі
Ксенія Шталенкова (Беларусь). Рэпрэзентацыя права на беларускае самавызначэнне ў дызайне грашовых знакаў 1917-1924 гг.
Радзівон Попель (Беларусь). Беларускі нацыянальны рух, БНР і рэлігія: погляд праз стагоддзе
11.30-12.00. Кава-паўза
12.00-13.00 Панэль IV. БНР: культурная памяць і рэпрэзентацыя (2)
Сяргей Емельянаў (Беларусь). “Міф заснавання дзяржавы” ў школьных падручніках Беларусі, Расіі і Ўкраіны.
Аляксей Ластоўскі (Беларусь). Забыты юбілей: адзначэнне стогоддзя Кастрычніцкай рэвалюцыі ў Беларусі
Aрганізатары
Інстытут “Палітычная сфера” (Беларусь-Літва)
Амбасада Літоўскай Рэспублікі ў Беларусі
Польскі Інстытут у Мінску
Беларускі Калегіум
Інстытут ВКЛ (Літва)
Універсітэт Вітаўта Вялікага (Літва)
Інстытут гісторыі Літвы
Канферэнцыя «Вялікае княства Літоўскае паміж Люблінам і Гроднам (1569-1697): траекторыі развіцця дзяржавы і грамадства»
З нагоды сямідзесяцігоддзя прафесара Юратэ Кяўпене. Каўнас 1 снежня 2017. Праграма.