21 чэрвеня 2018 года ў Літоўскай нацыянальнай бібліятэцы імя Марціна Мажвідаса адбылося ўрачыстае наданне прэміі імя Юліуша Бардаха. Першую ўзнагароду атрымаў Лаўрынас Шядвідіс з Універсітэта Вітаўта Вялікага за абароненую ў 2016 годзе доктарскую працу “Падрыхтоўка кіруючых эліт Вялікага Княства Літоўскага да публічнага дзяржаўнага жыцця з пачатку XVI да сярэдзіны XVII стагоддзяў (навуковы кіраўнік прафесар Я. Кяўпене). Другое месца заняла абароненая ў 2017 годзе доктарская праца Вольгі Клецкінай з Беларускага дзяржаўнага універсітэту “Узнікненне і развіццё тэатру Радзівілаў у 1724-1810 гадах” (навуковы кіраўнік прафесар Н. Высоцкая). На трэцім месцы змясцілася абароненая ў 2017 годзе ў Ягелонскім універсітэце доктарская праца Войцэха Лыска “Праблема нацыянальнасці ва ўсходняй палітыцы прыхільнікаў пілсуцкага: фармаванне – эвалюцыя – спадкаемцы” (кіраўнік прафесар Г. Мазур).
Урачыстасць пачалася з выступу госця, прафесара Вітаўтаса Ландсбергеса, які падзяліўся сваімі ўспамінамі пра патрона ўзнагароды, яго ідэі і спадчыну. Ва ўрачыстасці прынялі ўдзел заснавальнікі Інстытута ВКЛ, а таксама члены навуковай рады: прафесар Універсітэта Вітаўта Вялікага Эгідыюс Александравічус, дырэктар Цэнтру Усходняй Еўропы Варшаўскага універсітэта Ян Маліцкі, прафесары Вармянска-Мазурскага універсітэта Дарыюш Шпопер і Пшэмыслаў Дамброўскі, прафесар Аляксандр Смалянчук з Гродна, рэктар Прыкарпацкага універсітэта імя В. Стэфаніка ў Івана-Франкоўске Ігар Цэпенда, дырэктар Інстытута гісторыі Літвы Рымантас Мікніс.
Ю. Бардах (1914-2010) быў выбітным даследчыкам Вялікага Княства Літоўскага, які глыбока вывучаў яго прававую, культурную і палітычную традыцыю. Узнагарода надаецца за найлепшыя доктарскія працы, якія аналізуюць праблемы культуры, права і дзяржаўнасці ВКЛ, яго спадчыну ці датычыцца гісторыі, палітыкі, права і культуры прынамсі двух дзяржаў зямель былога ВКЛ – Беларусі, Літвы, Польшчы ці Украіны.
Узнагарода імя Ю. Бардаха была заснавана Інстытутам ВКЛ і надаецца кожныя два гады. У 2014 годзе галоўную ўзнагароду атрымала праца Мікалая Таркоўскага з Гданьску “Адвакатура Вільні ў 1918-1939 гадах”. У 2016 годзе галоўная ўзнагарода была нададзена Сяргею Марозаву за працу “Ідэя адраджэння Вялікага Княства Літоўскага ў сацыяльна-палітычным жыцці Беларусі (канец XVIII ст. да пачатку XX стагоддзя).