Даведнік сабраў пад адной вокладкай біяграфічную і бібліяграфічную інфармацыю пра тых прадстаўнікоў інтэлектуальнай працы Рэспублікі Беларусь, хто ў перыяд 1991–2022 г. сказаў сваё важкае слова ў вывучэнні і папулярызацыі гісторыі Вялікага Княства Літоўскага і гісторыі Беларусі той эпохі (сярэдзіна ХІІІ–XVIII ст.). Даведнік утрымлівае 172 артыкулы-персаналіі пра гісторыкаў, архівістаў, археолагаў, этнолагаў, культуролагаў, філолагаў, філосафаў, геральдыстаў, картографаў, краязнаўцаў, пісьменнікаў, журналістаў, стваральнікаў гістарычных сайтаў, для якіх праблематыка Вялікага Княства Літоўскага стала галоўным даследчым полем або важным напрамкам іх навуковай, літаратурнай, публіцыстычнай ці іншай дзейнасці.
Разлічана на навукоўцаў, аспірантаў, студэнтаў, творцаў са сферы літаратуры і мастацтва, супрацоўнікаў архіваў і музеяў, усіх, хто цікавіцца гісторыяй і спадчынай Вялікага Княства Літоўскага.