27 верасня 2019 г. адчыняецца выстава “Вялікае княства Літоўскае на старажытных мапах. Погляд з Беларусі” па адрасе г. Вільнюс, вул. Савічаюс 17 у будынку Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта. Урачыстае адкрыццё адбудзецца а 18.00 разам з запускаючай дыскусіяй. Выстава мап з’яўляецца рэалізацыяй праекта “Перасоўная гісторыя”: гэта экспазіцыя копій старажытных мап рэгіёна былога Вялікага Княства Літоўскага з атрыбуцыямі і агульнай канцэпцыяй, што выстаўляецца ў розных гарадах Беларусі і замежжа. Выстава ўпершыню адбылася 5-16 красавіка 2019 г. у г. Мінску ў межах Фестываль інтэлектуальнай кнігі “Прадмова” і пазней экспанавалася ў Лідзе, Гародні, Воршы, Віцебску, Нацыянальным гістарычным музеі ў Мінску.
Госці выставы змогуць пабачыць унікальныя сімвалічныя аб’екты, якія раскрываюцца праз адпаведныя атрыбуцыі-апісанні, даведацца пра агульную ідэю выставы і адметныя факты супольнай гісторыі народаў былога ВКЛ, якія знайшлі ўвасабленне на візуальных носьбітах.
На адкрыцці выставы плануецца дыскусія даследчыкаў: культуролагаў, гісторыкаў, мастацтвазнаўцаў вакол тэмы “Візуальныя вобразы гістарычнай памяці”: як трэба вучыцца чытаць старажытныя мапы, якія сімвалы яны змяшчаюць, як вобразы мінулага ўплываюць на сучаснасць, і інш.? Пасля выступаў спецыялістаў наведвальнікаў чакае агульнае абмеркаванне з магчымасцю задаць пытанні выступоўцам. Таксама ў межах правядзення выставы і Міжнароднага кангрэса даследчыкаў Беларусі 28.09.2019 у 16.45 па тым жа адрасе адбудзецца круглы стол гісторыкаў з чатырох краін былой Рэчы Паспалітай “Вандроўныя назвы: гістарычнае тлумачэнне зменаў тапонімаў і іх лакацый на старажытных мапах”. Наколькі старажытныя мапы адэкватна перадаюць размяшчэнне старажытных тапонімаў і могуць быць аргументам у сучасных спрэчках? Ці супадаюць лакалізацыі этнонімаў і палітонімаў на мапах з дадзенымі археалагічнай навукі, ці заўжды яны захоўваюць сваю прыналежнасць? Як з’яўляюцца назвы Літва, Белая Русь, Україна і інш., што яны першапачаткова значаць і як “вандруюць” па старажытных мапах? І шмат што іншае. Падрабязнасці можна пабачыць у праграме МKДБ.
Старажытныя мапы ўяўляюць сабой унікальныя артэфакты і валодаюць магічнай сілай. Гэта сваеасаблівыя парталы ў часе, візуальная машына мінулага, якая дазваляе нам вандраваць па розных часах і прасторах, гісторыях, мовах і культурах – і праз гэта шукаць, разумець, суадносіць і канструяваць сябе ў новых кантэкстах і межах. Халсціны мапаў пагружаюць нас у свет вобразаў, ментальную, духоўна-эмацыйную прастору, у глыбіні нашага падсвядомага – туды, дзе нараджаецца чалавечае «Я» і ягоная культура.
Геаграфічныя мапы раздрукаваны з арыгінальных копій з дапамогай лічбавага друку і з захаваннем усіх маштабаў на паперы, якая імітуе фактуру старадаўніх мап. Усе мапы маюць навуковую атрыбуцыю і экспануюцца разам. Укладальнік – дырэктар выдавецтва “Эканомпрэс” Эдуард Куфцерын, навуковы кансультант – кандыдат гістарычных навук, старшы навуковы супрацоўнік інстытута гісторыі НАН РБ Алег Дзярновіч.
У Рэспубліцы Літва выстава праходзіць у партнёрстве з Інстытутам ВКЛ, Еўрапейскім гуманітарным універсітэтам, Міжнародным кангрэсам даследчыкаў Беларусі. Пры падтрымцы Пасольства Літоўскай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь.