Літва і Беларусь – гэта не толькі краіны-суседзі. Народы гэтых дзяржаў, акрамя гісторыі, якая сягае сваімі каранямі ў старажытныя часы, аб’ядноўваюць шырокамаштабныя эканамічныя і культурныя сувязі. Літоўцы жывуць у Беларусі, і беларусы пражываюць у Літве. Асаблівую сувязь паміж краінамі пацвярджаюць супольныя народныя сімвалы, такія як гістарычная сталіца Вялікага Княства Літоўскага – Вільня. Жыхарам гэтых краін дарагія агульныя гістарычныя асобы: вялікі князь Вітаўт (Вітаўтас), князі Радзівілы, Касцюшка, Каліноўскі і многія іншыя. Многае паказвае, што грамадскія і міждзяржаўныя адносіны мусяць быць выдатнымі, але гэта не так.
Існуюць рознагалоссі з нагоды будаўніцтва беларускай АЭС у Астраўцы. Шмат хто ў Літве занепакоеныя пытаннем: ці ўдасца Беларусі захаваць сваю дзяржаву? Большасць літоўцаў крытычна ставяцца да палітычнага ладу Беларусі. У Беларусі, у сваю чаргу, многія насцярожана ўспрымаюць еўраатлантычную інтэграцыю Літвы, яе актыўную знешнепалітычную пазіцыю ў рэгіёне. Гэтыя вельмі складаныя пытанні ўплываюць на адносіны паміж краінамі, і наўрад ці палітыкам з абодвух бакоў удасца канчаткова дамовіцца.
На жаль, існуючыя праблемы сталі дамінаваць у двухбаковых стасунках. Акрамя іншага, шмат недамоўленасцяў узнікае па гістарычных тэмах, якія, на першы погляд, павінны аб’ядноўваць нацыі. Усё гэта не толькі ўскладняе палітычныя адносіны, але і перашкаджае развіццю сувязяў паміж інтэлектуаламі, дзеячамі культуры, бізнэсу і навукі.
Так не павінна быць. Не забываючы існуючых праблем, мы павінны імкнуцца шукаць пункты судакранання па агульных для нас пытаннях і праблемах. Пачатак дыялогу і наладжванне супрацоўніцтва на будучыню з’яўляецца галоўнай мэтай першага Грамадскага літоўска-беларускага форуму.
Місія форуму – пашырэнне нефармальнага, грамадзянскага дыялогу паміж Беларуссю і Літвой з мэтай абмеркавання перспектыў і праблем міждзяржаўнага супрацоўніцтва, паглыбленне ўзаемаразумення і павагі паміж краінамі ды народамі Літвы і Беларусі.
Арганізатарамі форуму выступаюць муніцыпалітэт горада Клайпеда, Клайпедскі ўніверсітэт, а таксама шэраг грамадскіх арганізацый і ініцыятыў: Форум дыялогу і супрацоўніцтва імя Ежы Гедройца, Інстытут Вялікага Княства Літоўскага, Інстытут “Палітычная сфера“.