Інстытут Вялікага Княства Літоўскага (Коўна, Літва), а таксама пісьменнік і паэт Томас Венцлава сталі лаўрэатамі пятнаццатай прэміі імя Ежы Гедройца. Рэдакцыя вядомай польскай газеты “”Rzeczpospolita” штогод уручае прэмію асобам і інстытуцыям, якія працуюць на ўмацаванне добрых стасункаў Польшчы з дзяржавамі Цэнтральна-Усходняй Еўропы. Гэтым разам журы адышло ад традыцыі надаваць узнагароду палякам і адзначыла асобу і інстытут з Літвы.
Урачыстасці надання ўзнагароды прайшлі ў Варшаве 1 снежня.
Як падкрэсліла сакратар журы Ганна Ваўроўска, Інстытут ВКЛ адзначаны “за выкананне місіі, якая спрыяе распаўсюджванню на землях сучаснай Літвы, Беларусі, Украіны і Польшчы спадчыны Вялікага Княства Літоўскага, асабліва традыцыі суіснавання культур моваў, рэлігій і народаў”.
“Інстытут прыналежыць да традыцыі, якая нагадвае песню забытага свету і гучыць як успамін пра Аркадыю, бо адносіцца да свету добрага сужыцця розных моў, культур, рэлігій і народаў” – казаў прафесар Ян Маліцкі, дырэктар Інстытуту Усходняй Еўропы Варшаўскага Універсітэту. – “Польскае журы адзначыла, што падтрымка ідэй, якіх прытрымліваецца Інстытут Вялікага Княства Літоўскага, адпавядае інтарэсам польскай дзяржавы. Польшча мае патрэбу ў супрацоўніцтве і саюзных стасунках у рэгіёне. А польска-літоўскія адносіны мусяць быць нармалізаваныя, бо ёсць нешта грэшнае ў тым, што настолькі гістарычна і геаграфічна блізкія народы, нават перад пагрозамі сучаснага свету, яшчэ не стварылі шчыльнага саюзу.”
Узнагароду імя Ежы Гедройца рэдакцыя “Rzeczpospolitej” заснавала ў 2001 годзе, у першую гадавіну смерці рэдактара і стваральніка “Культуры” і Літаратурнага інстытуту ў Парыжы. Узнагароду могуць атрымаць асобы ці інстытуцыі, што ў сваёй дзейнасці кіруюцца прынцыпамі, якіх прытрымліваўся Ежы Гедройц. Іх характэрная асаблівасць – бескарысны клопат пра грамадскія інтарэсы і культываванне добрых стасункаў Польшчы з народамі Цэнтральна-Усходняй Еўропы.